Адважнае сэрца

Тыя, хто найчасьцей пісалі лісты ў Малое Сітна, атрымлівалі просьбу адказаць на пытаньне своеасаблівай анкеты: “Якія кнігі, музычныя гіты, фільмы вы параілі б прачытаць (праслухаць, прагледзець) кожнаму беларусу ?”. І найбольш уразіла сваімі вынікамі намінацыя “кіно”. Здавалася б, столькі пранізьліва беларускіх фільмаў: “Дзякае паляваньне караля Стаха”, “Ідзі й глядзі”, “Чырвонае лісьце”, “Акупацыя”… Столькі экранізаваных нацыянальных герояў: Кастусь Каліноўскі, Сотнікаў, Заслонаў…

Але ж вось фокус – паза канкурэнцыяй апынулася “Адважнае сэрца” ў Мэлам Гібсанам у галоўнай ролі. (Між іншым, на другім месцы – “Пакуты Хрыстовы” таго ж Гібсана ўжо як рэжысэра.

Шатляндзец Уільям Уолас, просты хлопец, што ў безнадзейным становішчы ўзначаліў паўстаньне супраць акупацыі, трапіў беларусам у самае сэрца.
Чаму – тлумачыць ня трэба.

За гады ўдзелу ў беларускім руху мне пашчасьціла пазнаёміцца зь людзьмі, што не саступалі Ўільяму Ўоласу ў асабістай мужнасьці. З геолягам Вячаславам Сіўчыкам, адным з арганізатараў менскае вясны -96, які трымаў галадоўку пратэсту разам зь Юрыем Хадыкам на Валадарцы й якога часьцей, чым іншых, бачылі ля мікрафона ў намётавым мястэчку на плошчы Каліноўскага. Зь лясным інжынэрам Яўгенам Скочкам, што кіраваў дружынай “Маладога Фронту” й адным сваім зьяўленьне на вулічных акцыях наводзіў паніку на міліцэйскае начальства. Мастаком Рыгорам Кійком, які адбіваў у амапаўцаў маладзейшых дэманстрантаў і бел-чырвона-белыя сьцягі ( за што рэгулярна адседжваў на сутках ды “хіміі” ). Палітыкам Зянонам Пазьняком, вайскоўцам Мікалаем Статкевічам, праваабаронцам Валерыем Шчукіным, журналісткай Ірынай Халіп…
Але пры словах “адважнае сэрца” мне заўсёды згадваецца не магутны, з ільвінай грывай Мэл Гібсан, ня хтосьці з дужых “краёўцаў” у камуфляжы, а невысокі, танклявы, усьмешлівы раўналетак Кастуся Каліноўскага – Зьміцер Дашкевіч.



Мы пазнаёміліся ў камэры на Акрэсьціна пасьля Дня Волі – 2002. Тады, пасьля мітынгу з кветкамі й сьпевамі ля помніка Янку Купалу, АМАП перакрыў выхады з парку, і арганізатары абвясьцілі: разыходзімся. Маладафронтаўцы, якія не ўяўлялі сабе Дня Волі бяз шэсьця, пратачыліся скрозь кардон, узьнялі сьцягі й павялі людзей праспэктам. Каля скрыжаваньня з Варвашэні да мяне падляцеў падпалкоўнік Гірэль: “Прыбярыце сьцягі! Зараз выставім кардон; без сьцягоў прапусьцяць, зь імі – не! Будзе хапун!”. І праўда, праз паўхвіліны ўпоперак праспэкту пашыхтаваўся АМАП. Сьвята ўсё-такі ж, думаю. Усім, хто нясе сьцягі, камандую: “Згортваем. Падымаем пасьля скрыжаваньня”. Згарнулі амаль усе і толькі наперадзе з самым вялікім палотнішчам працягвае ісьці шараговы маладафронтавец Зьміцер. “Згортвай сьцяг!” – крычу яму. Ён на сэкунду прыпыняецца, глядзіць на мяне яснымі вачыма: “Гэта ня сьцяг”. “А што гэта ?!” – “Гэта нацыянальная сьвятыня!”. І Рушыць далей. На Зьмітра шыкаюць усе вакол, Гірэль літаральна вісьне на руках. “Загад згарнуць!” – раву яму на вуха. “Пайшоў ты са сваім загадам”, - сьцяўшы зубы й падымаючы сьцяг вышэй, адказвае Дашкевіч.

Кардон пераходзіць у наступ. Зьмітра за рукі-ногі ледзь заносяць у аўтобус чацьвёра здаровых амапаўцаў…
У той дзень усе расейскі тэлеканалы паказвалі разгон дэманстрацыі. Дзесяткі мільёнаў даведаліся пра БНР, бачылі бел-чырвона-белы сьцяг і яшчэ раз пачулі: “Жыве Беларусь!”. У нашай камэры ўдзельнікі акцыі вырашылі аднадушна: менавіта Зьміцер Дашкевіч выратаваў Дзень Волі.

Памятаю, як потым на выпрабаваньні “Горад – наш!” на забойчай вышыні насупраць Дому друку ён з халоднай галавой ускараскаўся на сьлізкі ад дажджу скат даху (махаю рукой: “Хопіць! Вешаем тут!”) і, быццам канатаходзец, балянсуючы, прайшоў па вільчаку ды прымацаваў сьцяг да маланкаадводу. Як у момант абвяшчэньня рэферэндуму аб працягу паўнамоцтваў прэзыдэнта ў натоўпе ля экрану на Кастрычніцкай завёў скандаваньне “Ганьба!” – атрымаў 15 сутак. (Дарэчы, гэтым эпізодам заканчваецца вядомая кніга пра Лукашэнку Аляксандра Фядуты.) Як на 18-ы дзень маладафронтаўскае галадоўкі ўжо сёлета тэлефанавала й ледзь ня плакала журналістка: “У яго ўжо костачкі прасьвечваюцца, як у вязьня Бухэнвальду, з рота пахне ацэтонам – у арганізьме незваротныя зьмены!...”

Прыхаджанін эвангельскай царквы, Дашкевіч распачаў Рэфармацыю “Маладога Фронту”. Усталяваў сярод сябраў руху маральны стандарт: “Калі мы змагаемся за Адраджэньне на хрысьціянскіх прынцыпах – ня маем права піць, паліць, блудзіць”. І такое выхаваньне, на якое, прызнаюся, не заўсёды ставала адвагі ў нас са Скочкам, загартоўвала вакол Зьмітра моладзь сапраўды сумленную й самаахвярную.

Самыя моцныя супраціўнікі для бязбожнага, хлусьлівага, састарэлага рэжыму – менавіта такія. Рашучыя, маладыя, вернікі. Іх ня могуць спалохаць або купіць. І вось ужо абвінавачваюць у рабаўніцтве (між іншым, у Дзень беларускай вайсковай славы) 15-гадовага капітана салігорскага “МФ” Івана Шылу. Вось ізалююць у чатырох сьценах магілёўскае камендатуры Артура Фінькевіча. Арыштоўваюць і кідаюць на Валадарку ў “справе Маладога Фронту” Зьмітра Дашкевіча.

Але, спрабуючы разьбіц, спыніць і стрымаць моладзевы рух праз “крыміналку” аб “незарэгістраванай арганізацыі”, спадкаемцы Цанавы й Вышынскага добра-ткі схібілі. Сотні беларусаў, сярод якіх Уладзімер Арлоў, Ніл Гілевіч, Лявон Вольскі, гатовыя сьведчыць на судзе ў абарону “Маладога Фронту”. Больш за тое, ужо 1,5 тысячы чалавек падпісалі зварот ад імя сябраў “незарэгістраванага” Маладога Фронту з патрабаваньнем спыніць перасьлед моладзі й вызваліць палітвязьняў. Калі судзьдзя заслухае іх у якасьці сьведкаў, яму давядзецца адпраўляць у турму сотні (а можа й тысячы) людзей. Калі ж суд адмовіцца выклікаць іх у якасьці сьведкаў абароны – значыць, за ўдзел у “незарэгістраванай арганізацыі” і выступ ад яе імя судзіць ужо ня могуць.
Рэжым сам загнаў сябе ў гэтую пастку антызаконнымі, у духу 1937 году, папраўкамі ў Крымінальны кодэкс. Спрабуючы забараніць “Малады Фронт”, ён дзесяцікроць яго раскручвае.

Сёньня ў кожнага беларуса ёсьць магчымасьць на некалькі хвілінаў апынуцца на месцы Ўільяма Ўоласа. Стаць адважным сэрцам. Падтрымаць маладафронтаўцаў і Зьмітра Дашкевіча. З трыбуны суду абвінаваціць рэжым у твар. Супраць такой нашай салідарнасьці пракуроры й гэбісты бясьсільныя.

Толькі так – разам! – можна супрацьстаяць масавым працэсам. Бо на чарзе ўжо палітычныя партыі й грамадзкія арганізацыі. Толькі так мы, беларусы, здолеем абараніць усіх і кожнага. Трымаемся побач! Бярыцеся за рукі! Глядзім дзяржаўным злачынцам у воч! І кажам: “І я маладафронтавец!”, “І я!”, “І я таксама!..”
Многія хто ведае, што такое “Малады Фронт” і хто такі Зьміцер Дашкевіч, ужо наважыліся стаць сьведкамі салідарнасьці. Ці гатовы ты стаць у шэраг ?
Абавязкова прыходзь на суд.

Справа “Маладога Фронту” зробіцца адной з самых яскравых падзеяў нацыянальнага абуджэньня.

Павал Севярынец


Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-Noncommercial-Share Alike 2.5 License.