Бацькі З.Дашкевіча сустрэліся з сынам у калёніі
Вязень Шклоўскай калёніі Зьміцер Дашкевіч сустрэўся з бацькамі падчас доўгатэрміновага спатканьня. Старэйшыя Дашкевічы спадзяюцца, што наступным разам убачаць сына ўжо на волі.
Спатканьне Зьмітра Дашкевіча з бацькамі доўжылася болей за два дні. Бацькі палітвязьня кажуць, што Зьміцер быў вельмі спакойны, не выказваў ніякіх прэтэнзіяў і асаблівых пажаданьняў. “Ён, вядома, худы, але — як звычайна. Зьміцер ніколі поўным ня быў. Галоўнае, што за гэтыя дні ён адпачыў душой, бо турэмнае жыцьцё чалавека вельмі стамляе”, — сказаў Вячаслаў Дашкевіч.
Дамоў бацькі прывезьлі старую вопратку сына і дзьве вялікія торбы лістоў, якія ён атрымаў за год у Шклоўскай калёніі. Лісты палітвязень атрымлівае штодня і штодня адпраўляе дзясяткі адказаў сваім карэспандэнтам.
“Кажа, усё добра, нічога яму ня трэба. Мы прыехалі на спатканьне, дык ён казаў, што яшчэ каля двухсот лістоў атрымаў у той дзень, нават не пасьпеў іх ня тое што прачытаць, але разгарнуць”.
Паводле Вольгі Дашкевіч, і на спатканьні Зьміцер таксама патраціў пэўны час на тое, каб адказваць на дасланыя яму лісты. У калёніі, калі Зьмітра Дашкевіча разьмеркавалі на працу на лесапілку, у яго абвастрылася хвароба хрыбетніка.” Зараз ня скардзіцца”, — кажа маці палітвязьня.
Гэта было яе апошняе доўгатэрміновае спатканьне з сынам. Наступным разам яна спадзяецца ўбачыць Зьмітра ўжо на волі — тэрмін зьняволеньня заканчваецца ў сярэдзіне сакавіка. Але Вольга Дашкевіч пра гэта пакуль ня хоча казаць, баючыся, што нешта сарвецца.
“Калі нешта там не парушыць. Ня тую кашулю апране, ці яшчэ што. Ня дай Бог”.










