Зьміцер Дашкевіч: «Людзей, якія мяне падтрымліваюць, саджаюць у ізалятар»
У рэдакцыю “Народнай волі” прыйшоў лiст ад лідара “Маладога фронту” палітвязьня Зьмiцера Дашкевіча. Газэта даўно жадала падрыхтаваць інтэрвію са Зьмітром Дашкевічам. Яму нават перадалі пытаньні ў калёнію.
Але на адказ, тым болей такі грунтоўны, ня надта спадзяваліся. Аднак нейкiм цудам задуманае зьдзейснiлася, хоць Зьміцер адразу папярэдзiў, што “калi недзе аб нечым не дагавару, дык выбачайце — гэта не наўмысна”. Па-першае, журналісты цiкавiлiся новай крымiнальнай справай. “Увесь час, калi судзiлi маiх паплечнiкаў-маладафронтаўцаў, да мяне прыходзiлi сьледчыя браць паказаньнi пра тых, каго я ведаю i хто чым займаўся, — тлумачыць Зьміцер.
— Я, натуральна, паказаньнi даваць адмаўляўся, матывуючы гэта тым, што яны могуць пашкодзiць мне альбо маiм блiзкiм. Канстытуцыя i Крымiнальны кодэкс дазваляюць у гэтым выпадку паказаньнi не даваць. Таму ўвесь час я й мае сябры адмяжоўвалiся ад надакучлiвых пытаньняў чэкiстаў i сьледчых. Гэту фармулёўку я пiсаў у пратаколах допытаў, калi ў мяне спрабавалi ўзяць паказаньнi на Гарэцкага, Корбана, Янушэўскага, Хведарука, Палажанку, Азарку i, канешне, па “крымiналцы” Iвана Шылы.
I вось тут нейкая сiла прымусiла сьледчых падумаць аб мэтазгоднасьцi ўзбудзiць крымiнальную справу на мяне за беспадстаўную адмову ад дачы паказаньняў па 402 артыкуле Крымiнальнага кодэкса. Напачатку я ўспрыняў гэта як простую пагрозу, але сiлавыя структуры вырашылi пайсьцi далей i ўсё ж такi ўручылi мне пастанову аб узбуджэньнi справы. У пратаколах допыту па гэтай справе я зазначыў, што, па-першае, прызнаю арт.193-1 КК РБ антыканстытуцыйным (той самы артыкул аб крымiнальнае адказнасьцi за дзейнасьць ад iмя незарэгiстраванай арганiзацыi, якi лiчаць антыканстытуцыйным многiя беларускiя i мiжнародныя экспэрты й дабiваюцца яго адмены. — Рэд.). Я сказаў сьледчым, што мае паказаньнi па гэтым артыкуле супярэчылi б асноўнаму закону Беларусi, а таксама ратыфiкаванай нашай краiнай дэклярацыi ААН “Аб грамадзянскiх i палiтычных правах”. Аднак нiякiя тлумачэньнi не былi ўзятыя пад увагу. I вось маем суд”.
На пытаньне, як мінае жыцьцё ў калёнii, якiя людзi вакол палітвязень адказаў наступнае:
“Жыцьцё тут асаблiвай разнастайнасьцю не адрознiваецца: пад'ём у 6, адбой у 22, праца з 8 да 17, выхадны — нядзеля. Таму асноўная праблема, якая з гэтага раскладу вынiкае, адсутнасьць вольнага часу, бо пасьля вячэры й вечаровай паверкi, якая завяршаецца ў 18.00—18.30, маем толькi каля трох гадзiн асабiстага часу, за якiя хочацца й пачытаць нешта, i з поштай разабрацца.
Людзi вакол трапляюцца розныя. Неяк я напiсаў сябрам аб асуджаных, многiя зь якiх мяне падтрымлiваюць, дык тых, хто акружаў мяне, пачалi саджаць у iзалятары, пагражаць i г.д., бо iнфармацыя гэтая зьявiлася ў СМI. Таму на тэмы майго турэмнага жыцьця я iмкнуся асаблiва не разважаць, каб нiкому не стварыць праблем”.
Наконт амністыі, якая хутка мае адбыцца, Дашкевіч сказаў:
“Аб амністыі гавораць тут увесь час. Хоць сьцьвярджэньне Клiмава, што ўсе моляцца з-за яе на аднаго таварыша, далёка не адпавядае iсьцiне. Пакуль не сустрэў нiводнага гэткага “малельца”. Я ж пад амнiстыю не трапляю, бо зьяўляюся “злосным парушальнiкам рэжыму ўтрыманьня”, а такая катэгорыя асуджаных пад амнiстыю нiколi не трапляе.
Што тычыцца вялiкай колькасьцi новых моладзевых iнiцыятыў, дык цяжка разабрацца ў iх нават мне, чалавеку, якi iмкнецца сачыць за грамадзка-палiтычнымi працэсамi. Што ўжо гаварыць пра рэалiзацыю iдэй i ўплыў на грамадзтва праз гэткiя структуры... Безумоўна, назваць iх усiх агентамi КДБ, як некаторыя спрабуюць, нельга. Але дзейнасьць такiх арганiзацый, канешне, цалкам укладаецца ў чэкiсцкiя схемы.
Па вызваленьнi, як тое i абяцаў у судзе, планую займацца ўсё тым жа — “Маладым Фронтам”, гуртаваньнем моладзi вакол хрысьцiянскiх каштоўнасьцяў i заснаваньнем на гэтай базе нацыянальнай iдэi. Бо маем цьвёрдае перакананьне, што толькi спалучэньне гэтых прынцыпаў дазволiць Беларусi адрадзiцца, стаць сапраўды дэмакратычнай i пасьпяховай нацыяй”.
Нагадаем, лідэр “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч 1 лістапада 2006 году быў засуджаны да 1,5 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму па палітычным артыкуле 193 КК за “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. Адбываць пакараньне быў накіраваны ў Шклоўскую калёнію ўзмоцненага рэжыму. Ужо ў калёніі супраць палітвязьня былі высунутыя абвінавачаньні паводле арт.402 КК з-за таго, што ён адмовіўся сьведчыць супраць сваіх сяброў. Паводле гэтага артыкула Дашкевiч мог атрымаць яшчэ паўгады турмы. Судовы працэс быў надзiва хуткiм і адбываўся за зачыненымі дзьвярыма. Суддзя Кашкiна прызнала моладзевага лідэра вiнаватым у парушэньнi артыкула 402 КК, пакараўшы яго 60 базавымi велiчынямi штрафу (1 мiльён 860 тысяч рублёў). На працэс пусьцiлi толькi прадстаўнiка мiсii АБСЭ, якi перад гэтым накiраваў лiст з просьбай прысутнасьцi на судзе мiнiстру ўнутраных спраў Уладзiмiру Навумаву.










